БЕ РУ EN

Напіткі

Немалаважнае значэнне ў харчаванні беларусаў мелі напіткі. Адным з найбольш распаўсюджаных напіткаў, вядомых ва ўсіх славянскіх народаў, быў квас. Рэцэптура яго прыгатавання адрознівалася значнай разнастайнасцю не толькі ў межах Беларусі, але і ў адной і той жа мясцовасці. Для квасу выкарыстоўвалі і хлебныя сухары,клёцкі або каржы, якія выпякалі з падпаленай мукі, і квас набываў спецыфічны прысмак. Нярэдка састаўнымі кампанентамі былі бярозавік, мёд, яблыкі ў пэўных прапорцыях. Часам у квас дабаўлялі ячменны солад, мёд, вашчыну.

Арыгінальны, незвычайны рэцэпт прыгатавння квасу падаецца ў паэме. Чаго тут толькі не было: …Ён колер меў чырванаваты: Тут быў таран, мянёк пузаты, / Шчупак, лінок, акунь, карась, / Кялбок і ялец, плотка,язь, / Яшчэ засушаныя з лета. / Але не ўсё яшчэ і гэта: / Аздоблен квас быў і грыбамі, / Выключна ўсё баравічкамі; / Цыбуля, перчык, ліст бабковы – / Не ўясісь, каб я здаровы [3; 163]!

Акрамя квасу, на стале прысутнічаюць яшчэ і такія напіткі, як кісель, кампот і мядовая сыта : За прасначкамі йшлі кампоты, / Кісель з мядоваю сытою…[3; 163]; Хочацца спыніцца на рэцэпце прыгатавання мядовай сыты. Сыта – гэта старажытнае пітво, якое рабілася з мёду і 2-3 часткі вады, туды дабаўлялі мак. Сыта ўжывалася разам з блінамі або кашамі.

Такім чынам, мы бачым, што нашы продкі ўмелі і смачна згатаваць, і адмыслова падаць пэўную страву, і з апетытам паесці. Яда была сытная, простая, але яна не толькі папаўняла сілы перад цяжкай працай, але і прыносіла ўсім задавальненне. А яшчэ яда была незвычайна здаровай, бо амаль усе кампаненты, якія ў яе ўваходзілі дабываў або вырошчваў сам селянін

Зрабіўшы класіфікацыю страў паводле асноўных кампанентаў, мы вырашылі працягнуць пачатую работу і склалі тлумачальны слоўнік страў, выкарыстаных у паэме.