БЕ РУ EN

Асаблівасці беларускай кухні

Спіс страў, якія мы знаходзім на традыцыйным стале беларускага селяніна, быў багатым і разнастайным. Вядомы этнограф М.Я.Нікіфароўскі ў канцы ХІХ стагоддзя апісаў больш за 150 страў і гатункаў народнай кухні, што шырока бытавалі на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Беларускія гаспадыні валодалі высокім кулінарным майстэрствам, мастацтвам ператвараць простыя прадукты харчавання ў далікатэсныя стравы і печывы з цудоўнымі смакавымі і харчовымі якасцямі. Заможныя людзі і шляхта складалі сабе харчовы рацыён, спіс страў на цэлы год наперад, распісваючы яго па святах і буднях, па перыядах мясаедаў і пастоў, з улікам сваіх гурманскіх схільнасцей, асабістых густаў і запатрабаванняў. Сістэма пастоў, выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў і апрабаваная практыкай, давала магчымасць наладзіць здаровы лад жыцця; яна мела істотнае значэнне для гігіены харчавання і прафілактыкі захворванняў.

Па сваіх характарыстыках ежу можна падзяліць на раслінную, посную і скаромную. Да поснай адносіліся ўсе стравы расліннага паходжання, а таксама рыба і рыбныя прадукты. Асноўную ролю ў харчаванні беларусаў адыгрывалі раслінныя прадукты. Аднак іх суадносіны з нерасліннай ежай не паддаюцца дакладнаму вызначэнню, бо большасць вядомых беларусам страў уключала кампаненты як расліннага, так і жывёльнага паходжання. Зыходзячы з гэтых акалічнасцей, усю ежу мэтазгодна падзяліць на паўсядзённую, святочную і абрадавую. Да апошняй адносяцца стравы і кулінарныя вырабы, якія суправаджалі тыя ці іншыя абрадавыя святы і ў адпаведнасці абрадавых дзействаў: хлеб, бліны, яйкі, яечня, мяса,мёд, віно.

У посныя дні з рацыёнаў харчавання выключаліся тлустыя і мясныя прадукты, смятана, малако. Нягледзячы на працяглыя перыяды пастоў, апошнія тым не менш вытрымліваліся веруючымі людзьмі і мелі пэўнае выхаваўчае значэнне. Народная прымаўка сцвярджала: “З посту ніхто не паміраў, а вось з пераядання – дохлі”. Калі не звяртаць увагу на грубую катэгарычнасць, уласцівую народнаму гумару, так званае рацыянальнае зерне ў гэтай прымаўцы ўсё ж ёсць.

У праваслаўным календары вылучаліся як асобныя посныя дні, так і цэлыя перыяды пастоў у некалькі тыдняў. Найбольш працяглыя з іх былі:

  • вялікі пост (7 тыдняў);
  • пятроўскі пост (ад 2 да 5 тыдняў);
  • спасаўскі (2 тыдні);
  • піліпаўскі, перадкалядны (4–6 тыдняў).

Пасты заканчваліся святочнымі днямі, якім спадарожнічалі абрадавыя дзействы, тэатралізаваныя прадстаўленні, гульні і шчодры святочны стол. Найбольш багатым быў стол на Вялікдзень, Радаўніцу, Сёмуху, Спас, Дзяды. Прычым кожнаму святу адпавядала пэўная ежа, цэлы набор страў.

Асабліва шчодрым быў стол на сямейныя святы і з нагоды прыёму шаноўных гасцей. Беларуская гасціннасць заўсёды была чыстасардэчнай, бескарыслівай і шчырай. Скупасць, прыжымістасць, хцівасць лічыліся горшымі якасцямі, што прыніжалі ўласную годнасць, кампраментавалі чалавека ў вясковай грамадзе. Гасціннасцю славілася і беларуская шляхта. Шляхецкія сядзібы і засценкі былі раскіданы на вялікіх прасторах беларускага краю. Выпадковае наведванне суседа ці родзіча, знаёмага было заўсёды святам. Шляхціч любіў шчодры стол, быў чалавекам кампанейскім, шчырым і адкрытым, хаця і ганарыстым.У посныя дні на шляхецкі стол падавалі рыбу, гародніну, хлебныя вырабы з мёдам, рулет з макам, рознае пітво.

Такім чынам, асартымент традыцыйных страў на стале беларусаў быў даволі шырокім і разнастайным і прыкметна вар’іраваў у залежнасці ад прыродных умоў, гаспадарчай спецыялізацыі, эканамічнага стану сям’і, народнага календара і пары года.