БЕ РУ EN

ПАЭМА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ” – ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ КУХНІ

Гімнам селяніну-працаўніку і зямлі стала паэма Якуба Коласа “Новая зямля”, якая па праву лічыцца “энцыклапедыяй сялянскага жыцця”. 

 

 Як бачым, Я. Колас–выдатны жывапісец народнага побыту, традыцый, свят.

“Радасць жыцця як існавання” – гэтай эпікурэйскай паэзіяй наскрозь прасякнута “Новая зямля”. Паэт не раз піша, як снедалі, абедалі, частаваліся яго героі ў будні і святы.

Што ж тычыцца нацыянальных страў, то варта, мы лічым, прачытаць толькі  адну гэту паэму – і ты даведаешся амаль  пра ўсе беларускія стравы. Дастаткова   прагледзець змест і назвы глаў, як мы адразу ўбачыш, дзе аўтар звяртаецца да мастацкага апісання нацыянальных страў. Гэта раздзелы: “Раніца ў нядзельку”, “За сталом”, “Дзядзька – кухар”, “Падгляд пчол”, “Каляды”, “Вялікдзень”. 

У паэме Я. Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларусаў. Аўтар паэтызуе  духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека. У творы яскрава апісаны побыт народа, выведзены тыповыя беларускія характары, жыццёвая філасофія, паказаны звычкі людзей, іх уклад жыцця. Не толькі талентам паэта, але і яго жыццёвай мудрасцю напоўнены раздзелы “Падгляд пчол”, “На Каляды”, “ За сталом”, “Ранiца у нядзельку”,”Вялікдзень”. У іх паэт выпрабоўвае сваіх герояў святамі і здольнасцю адпачыць, ушанаваць продкаў ці ад душы павесяліцца, сустрэцца з людзьмі, блізкімі па духу. І столькі шчырасці, цеплыні, дасціпнасці і гумару ва ўзаемаадносінах! Тонка і пераканаўча паказаны  такiя якасцi беларусау, як уменне жыць па-людску, гасціннасць і шчырасць.

Кожны, хто чытаў “Новую зямлю”, відаць, памятае славутыя радкі:

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся на сняданне. 

Менавіта з гэтых радкоў як бы пачынаецца паэтызацыя ежы, сялянскага банкетавання. Пра тое, як селянін святкуе, пра яго радасці, уцехі “за сталом” паэт скажа не раз і не два, а намалюе цэлы шэраг зноў жа вельмі падрабязных карцін, кожнай з іх знойдзе адпаведны настрой, колер, ці то жартоўна-іранічны, ці сагрэты іскрамётнай весялосцю, ці нават святочна-ўрачысты.

На ўслон шпурляліся аладкі,

А дзеці іх даўно сачылі

І на ляту блінцы лавілі,

Заядля мазалі іх здорам.

Стаяў асобна ў місцы скорам

Сяго-таго для верашчакі. 

У главе “За сталом” маляўніча, вобразна апісваецца снеданне сям’і лесніка. Апісанне вядзецца з вялікай любоўю, пашанай да сваіх герояў, з веданнем справы. Адчуваецца, што сам аўтар не раз спрабаваў усё тое, што падае маці на стол. А калі чытаеш, то нават самому хочацца паспытаць, бо адчуваеш пах і смак гэтых страў.

І елі дружна, не драмалі,

Нарэшце ўсе па скварцы бралі.

Як верашчака ў дно спадала,

То маці есці пакідала

Ды йшла ў камору па другое,

Яшчэ больш смачнае, ядкое,

І тарабаніла сюды

Для заканчэння ўжо яды

Тварог, запраўлены смятанай,

Нясла з вялікаю пашанай. 

Цікава напомніць пра застольныя традыцыі, якія існавалі з даўніх часоў. У кожнай сям’і прытрымліваліся не толькі адпаведнага рэжыму ў хатнім харчаванні, але перш за ўсё адпрацаванага стагоддзямі этыкету. Малодшыя члены сям’і ніколі не садзіліся за абедзенны стол раней за старэйшых. У час ежы не было чуваць прыхлёбванняў, прычмокванняў. Гутарак за сталом звычайна не вялі.

А за сталом маўчком сядзелі.

Там хлопцы гыркацца не смелі,

Бо там парадак вельмі строгі,

Там падпілуюць табе рогі,

Калі парушыш дысцыпліну,

Ды пад нядобрую часіну

Дадуць там “лэмбуся” і “квасу”,

Каб не круціўся без часу.

І чуць калі што вынікала,

То бацька кідаў так, бывала,

На хлопцаў погляд выразліва,

Што тыя ў лаву баязліва

Траха са страху не ўпаўзалі,

Бо гэты погляд добра зналі. 

Вельмі грунтоўна, падрабязна паэт паказвае ў паэме ежу, яе парадак, чаргаванне страў. Вось, так сказаць, звычайнае, нядзельнае застолле. Падаецца верашчака. Малюнак вытрыман у жартоўна-іранічных фарбах:

Чуць міска ткнулася сюды,

Дык у яе, як па прыказу,

Відэльцаў з восем лезе зразу,

Гаворка моўкне, смех сціхае:

Цяпер мінуціна другая,

Бо ўсіх займае міска стравы;

Другія моманты, праявы, -

Усе пафукваюць ды студзяць

І верашчаку тую вудзяць

І толькі чаўкаюць губамі

Ды зрэдку скрыгаюць зубамі,

Як бы на бераг тыя хвалі

У часе ветру наступалі. 

У раздзеле “Падгляд пчол” паэт разгорне больш шырокую карціну сялянскага свята з яго рытуалам, шчодрым пачастункам, шматгалоссем, песнямі і скокамі.

Такія застоллі-бяседы – ідэальныя моманты сялянскага жыцця, “крыніца бурнага натхнення”. У гэтых супольных пачастунках раскрываецца лепшае, што ёсць у душы простага чалавека – дабрата, жаданне зрабіць прыемнае суседу, шчодрасць.

– Там, брат, гарэлка-весялуха,

І каравай, і сыр, як плаха...

Тут сыр, як першы снег, бялюткі,

Каўбас прыемнейшыя скруткі,

Што толькі ёсць у Беларусі.

...Гасцей частуе гаспадыня

І на ўсіх чыста вокам кіне,

То сыр, то масла ім падносіць

І закусіць так шчыра просіць:

– Ну закусіце ж, проша мяска

Ці кумпячка або каўбаскі,

Ну, пірага хоць закаштуйце!

Бярэце масла, не шкадуйце! 

Застолле напярэдадні Каляд, калі спраўлялася куцця, было багатым. Страў, прысмакаў безліч. Гэтым як бы кідаецца выклік новаму году – няхай будзе ён не горшы за год мінулы, “дабра, прыбытку прыспарае”. Рэчывасць, дакладнасць і тут вызначаюць характар паэтычнага малюнка:

Спыніцца мушу я на квасе:

Ён колер меў чырванаваты;

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лінок, акунь, карась,

Кялбок і ялец, плотка, язь,

Яшчэ засушаныя з лета,

Але не ўсё яшчэ і гэта:

Аздоблен квас быў і грыбамі,

Выключна ўсё баравічкамі,

Цыбуля, перчык, ліст бабковы –

Ну, не ўясісь, каб я здаровы! 

На Куццю – перад зімой – дэманструецца “посны” зажытак селяніна, на Вялікдзень, свята вясны, - “скаромны”:

А на стале тым – рай ды годзе,

Што рэдка трапіцца ў народзе,

Ляжала шынка, як кадушка,

Румяна-белая пампушка,

Чырвона зверху, сакаўная,

Як бы агонь у ёй палае,

А ніз бялюткі, паркалёвы;

Кілбасы-скруткі, як падковы,

Між сцёган, сала і грудзінак

Красуе ўсмажаны падсвінак,

Чысцюткі, свежы і румяны...

Як бы паніч той надзіманы.

Са смакам елі і багата –

На тое ж даў бог людзям свята. 

Стол тады ў кожнай сям’і быў вельмі багаты і адрозніваўся ад паўсядзённага.

І вось вячэра зачалася!..

За квасам елі верашчаку,

А потым блінчыкі на маку,

А там ламанцы-праснакі

З пшанічнай добрае мукі;

А макаў сок такі салодкі!

Ламанцы ў ім, ну, як калодкі –

Так добра макам праняліся,

У рот паложыш – абліжыся.

За праснакамі ўшлі кампоты,

Кісель з мядоваю сытою;

Вячэру скончылі куццёю,

Але ўжо елі бех ахвоты,

Абы падатак той аддаць,

Стары звычай ушанаваць. 

Так паэт шчодра паказвае матэрыяльнасць “радасцей жыцця”, а дакладней – паэзію “гастранамічных” адчуванняў, далёка не чужую народнаму асяроддзю.

У паэме мы знайшлі 37 назваў страў, якія падаваліся на стол з рознай нагоды. Далейшым этапам нашай работы стала класіфікацыя іх паводле асноўных кампанентаў і тлумачэнне паходжання некаторых назваў. І так, усе стравы мы падзялілі на: